ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,

трубчастая печ, прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.

Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)